Балаган 2/85

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАГА́Н (ад перс. балахане верхні пакой, балкон),

1) (уст.) часовая лёгкая пабудова для розных патрэб.

2) У 18 — пач. 20 ст. тэатр. відовішча пераважна камічнага характару на кірмашах, нар. гуляннях. Вядомы ў Расіі з сярэдзіны 18 ст., на Беларусі ў 19 ст. У балагане выступалі ралёшнікі, сілачы, балаганныя дзяды, акрабаты, нар. хары, лялечнікі, штукары; ставіліся фарсы, арлекінады, нар. драмы. Гл. таксама Кірмашовы тэатр.

3) У перан. значэнні — штосьці штукарскае, грубавата-пошлае, несур’ёзнае.

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРУ́К (Ігар Хведаравіч) (н. 23.7.1964, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1986). З 1988 карэспандэнт перыяд. выданняў. З 1993 заг. літ.-драм. часткі Брэсцкага абл. т-ра лялек. Друкуецца з 1986. Выдаў кн. паэзіі «Чарнабел» (1991), «Саната Арганата» (1993), «Моўкнасць» (1997), кн. прозы «Квадратная варона» (2000), кн. для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» (1994). Аўтар п’ес «Люстрынка, або Ваша несусветнае зладзейства!» (паст. 1992), «Галава» (паст. 1992, апубл. 1997), «Меч анёла» (паст. 1993), «Пра дзедку Міхедку, пра бабку Агапку ды пра Катка — Залатога лабка», «Янка зух і нячысты дух» (абедзве паст. 1994), «Збавіцель», «Штукары» (абедзве паст. 1995), «Плач, саксафон!» (паст. 1995, Нац. т-р імя Я.​Коласа 1996), «Дрэва багоў» (паст. 1996), «Кірмашовы балаган» (паст. 1998), «Залатая табакерка» (паст. 2001, Гран-пры на Міжнар. тэатр. фестывалі «Белая вежа», Брэст) і інш. Апубл. п’есы «Кветкі пад ліўнем», «Прагнасць — не ў радасць» (абедзве 1992), «Торба» (1993), «Крывая імша», «Крык» (абедзве 1995) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЕ́ЎСКАЯ (Людміла) (сапр. Шніп Людміла Іванаўна; н. 5.7.1965, Мінск),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1984), вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1986—87), скончыла БДУ (1994). Працавала ў газ. «Наша слова», час. «Першацвет». З 1996 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1983. Псіхалагізм, філас. асэнсаванне рэчаіснасці, прыхільнасць да гіст. рамантызму ў зб-ках вершаў «Крокі па старых лесвіцах», «Адукацыя» (абодва 1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Застаюся» (1996), «Балаган» (2000). Тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнасцю, лірычнасцю і мяккім гумарам адметная яе проза: цыкл апавяданняў «Старасвецкія міфы горада Б» (1996—2001), аповесці «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001). Аўтар драм. паэм «Пасля Цэзара» (1993), «Amor ardens» (1997), «Апошняя з Алелькавічаў» (1998, аднайм. фільм Бел. тэлебачання 1999), п’ес «Апошнія гастролі Агасфера» (нап. 1993), «Янук, рыцар Мятлушкі» (1995), казак для дзяцей («Прыгоды мышкі Пік-Пік», 2000). Выступае як крытык і літ.-знавец.

Тв.:

Партрэт нацыі: Аспекты нац. міфа ў бел. паэзіі 10—20-х гг. XX ст. // Роднае слова. 1995. № 8, 10;

Рыцарскія хронікі: Вершы... Маладзечна, 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус. пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус. пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус. пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус. пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус. пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус. пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус. пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш. Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.

Тв.:

Рус. пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.

Літ.:

Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;

Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел. нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв. маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.​Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел. пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел. т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.​Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».

т. 11, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)