БАКТЭРЫЁЛІЗ (ад бактэрыі + ...ліз),

разбурэнне абалонкі бактэрый і выхад іх цытаплазмы ў вонкавае асяроддзе. Можа выклікацца фіз. і хім. агентамі, бактэрыяфагамі, антыцеламі (бактэрыялізінамі), некаторымі ферментамі (напр., лізацымам). Адрозніваюць бактэрыёліз неспецыфічны (ад уздзеяння на бактэрыі фіз. і хім. фактараў) і спецыфічны (выклікаецца імуннымі целамі ў спалучэнні з кампліментам, а таксама праз заражэнне бактэрыі мікраарганізмам — паразітам і фагам).

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯЛІЗІ́НЫ,

антыцелы, якія выклікаюць разбурэнне і растварэнне клетак бактэрый (бактэрыёліз). Дзейнічаюць пры ўдзеле камплементу — бялковага комплексу свежай сывараткі крыві (фактар прыроднага імунітэту ў жывёл і чалавека), з якім звязана ўстойлівасць арганізма да хваробатворных мікробаў. Бактэрыялізіны выдзяляюцца жывёльнымі арганізмамі і многімі бактэрыямі, напрыклад сінягнойная палачка выдзяляе бактэрыялізін, які растварае бактэрыі сібірскай язвы, брушнога тыфу, дыфтэрыі. Бактэрыялізіны — адзін з фактараў імунітэту пры халеры, тыфапаратыфозных і інш. захворваннях. Бактэрыцыднае дзеянне бактэрыялізінаў павялічвае лізацым (выклікае неспецыфічны бактэрыёліз).

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),

нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)