Байканур (касмадром) 2/75; 5/489; 10/509
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКАНУ́Р,
касмадром у Казахстане, у Карагандзінскай вобласці. Створаны ў 1955. Мае некалькі стартавых комплексаў, тэхн. пазіцый і вымяральных пунктаў. З Байканура запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі (1957), здзейсніў палёт першы касманаўт Ю.А.Гагарын (1961); стартавалі пілатаваныя касм. караблі («Усход», «Узыход», «Саюз» і інш.), арбітальныя станцыі («Салют», «Мір»), шматлікія штучныя спадарожнікі Зямлі і міжпланетныя касм. апараты.
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЧЫК (Канстанцін Васілевіч) (н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.
т. 5, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),
ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.
У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.
Літ.:
Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.
У.С.Ларыёнаў.
т. 8, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)