ЗУ́БАЎ (Канстанцін Аляксандравіч) (20.9.1888, г.п. Базарны Сызган Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 22.11.1956),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Праф. (1946). Нар. арт. СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це і адначасова ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы (педагог У.М.Давыдаў). Працаваў у т-рах Самары, Харкава, Кіева, Масквы. У 1917 выступіў як рэжысёр. З 1936 акцёр і рэжысёр (з 1947 гал. рэжысёр) Малога т-ра. Творчасць З. вызначалася псіхал. глыбінёй, інтэлектуальнасцю, яркай тэатральнасцю. Сярод лепшых рэжысёрскіх і акцёрскіх работ: «Яўгенія Грандэ» паводле А.Бальзака (1939), «Варвары» М.Горкага (1941, сумесна з І.Судаковым, роля Цыганова), «Пігмаліён» Б.Шоу (1943, роля Хігінса), «За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва (1946, сумесна з В.Цыганковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1948, 1951.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСТО́ЎСКІ (Усевалад Уладзіміравіч) (23.2.1840, с. М. Беразанка Ягацінскага р-на Кіеўскай вобл. — 30.1.1895),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, дзе зблізіўся з перадавой моладдзю 1860-х г., пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі. У 1868—74 служыў афіцэрам у палку, раскватараваным у Гродзенскай губ. Друкаваўся з 1857. Сац.-крытычны пафас характэрны для рамана «Пецярбургскія трушчобы» (1864—67). У антынігілістычных раманах «Панургавы статак» (1869) і «Дзве сілы» (1874), аб’яднаных у дылогію «Крывавы пуф», з рэакц. пазіцый адлюстраваў рэв. рух 1860-х г., паўстанне 1863—64. Аўтар трылогіі «Цемра Егіпецкая» (1888—92). Шэраг апавяданняў і нарысаў прысвяціў Беларусі, яе прыродзе і нар. побыту («Белавежская пушча», «Базарны дзень у Свіслачы»).

Тв.:

Средний солдат // Русская военная проза XIX в. Л., 1989;

Петербургские трущобы. Кн. 1—2. Мн., 1993.

Літ.:

Викторович В.А. Всеволод Крестовский: легенды и факты // Рус. лит 1990. № 2.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)