БАДЗЯ́К (Cirsium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.

Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. расліны.

Бадзяк палявы.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́Т (Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

Асот палявы.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)