«БАГРАЦІЁН»,

кодавая назва стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырв. Арміі па вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Гл. Беларуская аперацыя 1944.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАЦІЁН Пётр Іванавіч

(1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),

расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.І.Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812,

Айчынная вайна 1812, абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон І Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр І з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр І аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр І выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр І па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр І прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра І у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр І адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.В.Антонаў.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у тым ліку 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.І.Лемяшонак.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)