«БАГО́РЫЯ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.
т. 2, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФЯРО́ВІЧЫ
(Пагоскія),
старажытны шляхецкі род герба «Багорыя» ў ВКЛ. Мелі ўладанні ў Віцебскім ваяв. Ад спадчыннага маёнтка Пагосцічы зваліся Алфяровічы-Пагоскія. Першы ў крыніцах згадваецца Алфер. Называюцца 11 пакаленняў прадстаўнікоў гэтага роду, вядомых па маёмасных справах сярэдзіны 16—18 ст.
т. 1, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:
Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б.Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)