БАВА́ КАРАЛЕ́ВІЧ,
герой стараж. аповесці і нар. казак. Твор пра Баву Каралевіча ўзнік у 12 ст. ў Францыі як рыцарскі раман. Праз Італію і Сербію трапіў на Беларусь, дзе ў 16 ст. перакладзены на бел. мову. На ўсх.-слав. землях «Аповесць пра Баву» шырока бытавала ў вуснай перадачы і набыла рысы нар. казкі. Вядомыя рус., укр., бел. варыянты казкі «Бава Каралевіч». Бел. варыянты запісаны ў Чачэрскім, Бярэзінскім і інш. р-нах.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,
помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел. рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЕ́ВІЧ Павел Антонавіч
(вер. 1896 — 1.3.1979),
бел. казачнік з в. Старыя Прыборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. Расказваў гумарыстычныя і сатыр. казкі і анекдоты сюжэтных тыпаў «Дзе чорт не зможа, туды бабу пашле», «Салдат гатуе кашу з сякеры», «Скупы поп і парабак» і інш. Выкарыстоўваў рыфмаваныя традыц. казачныя формулы, дыялогі, рабіў свае імправізацыі. Расказваў чарадзейныя казкі «Ілья Мурамец», «Бава Каралевіч». Выконваў свае вершаваныя гумарыстычныя апавяданні ў стылі «гутарак» пра розныя падзеі мясцовага жыцця: «Як сенакос дзялілі», «Як у суседа банкетавалі». Казкі Акулевіча зберагаюцца ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.
т. 1, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)