пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на тарфяным балоце вярховага тыпу Парослішча і прылеглай тэрыторыі. Пл. 850 га. Асн.ч. балотнага масіву ўкрыта хваёва-сфагнавымі і хваёва-кусцікава-сфагнавымі фітацэнозамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЯМІ́ЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1881 у в. Велямічы (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) на месцы царквы 1724. У яе архітэктуры адлюстраваны традыцыі мясцовай школы дойлідства. Квадратны ў плане асн. аб’ём, бабінец і 5-гранная апсіда з 2 невял. рызніцамі абапал алтара ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асн. аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 да асн. аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі, царква набыла 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у апсідзе — у форме крыжа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в.Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн.дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЯ́ЦІЦКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Мясяцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1794. Царква трохзрубная, з прамавугольнымі ў плане асн. зрубам і бабінцам і 5-граннай апсідай. Асн. зруб накрыты шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане, бабінец і апсіда — вальмавым. Пры ўваходзе тамбур пад 2-схільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваны. На Пд ад царквы 2-ярусная зрубна-каркасная званіца пад шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,
помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская столь асн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным ў 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.