Бабылі (група сялян) 1/68; 2/51; 5/78, 312; 10/168; 11/160; 12/98,

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЫЛІ́, кутнікі, каморнікі,

катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.

В.​І.​Мялешка.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІКІ,

катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАБКІ, парубцы,

1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.

3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)