ПАНІПА́ЦКІЯ БІ́ТВЫ,

тры найважнейшыя бітвы ў гісторыі Індыі каля г. Паніпат (100 км на Пн ад Дэлі). Адбылася 21.4.1526 паміж войскамі правіцеля Кабула Бабура і апошняга султана Дэлійскага султаната Ібрагіма Лодзі. Скончылася перамогай Бабура, што прывяло да стварэння Магольскай імперыі. Адбылася 5.11.1556 паміж арміямі Акбара і прэтэндэнта на дэлійскі трон Хему. Скончылася перамогай Акбара, засведчыла канчатковае ўсталяванне ўлады Вялікіх Маголаў над Паўн. Індыяй. Адбылася 14.1.1761 паміж войскам афганцаў на чале з Ахмад-шахам Дурані і аб’яднаным войскам Маратхскіх княстваў. Перамога афганцаў стала прычынай узаемнага аслаблення праціўнікаў і іх адступлення з Паўн. Індыі.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́Р (Захірэддзін Мухамед) (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),

узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.

Бабур. Малюнак 16 ст.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)