БАБРУ́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, на р. Мытва, у бас. Прыпяці, у Ельскім раёне Гомельскай вобласці. За 7 км на У ад Ельска, каля в. Бабруйкі. Створана ў 1972 як зона адпачынку і для гадоўлі рыбы. Пл. 1,22 км², даўж. 3,3 км, найб. шырыня 0,8 км, глыб. 3 м, пл. вадазбору 162 км². Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 19,3 млн. м³. Правы бераг (выш. 5—6 м) зарос хваёвым лесам, на левым (да 10 м) — мяшаны лес, ворная зямля і сенажаць.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́ЛЕП (Георгій Міхайлавіч) (20.4.1904, с. Бабруйкі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.6.1957),

расійскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930). З 1929 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў роўным ва ўсіх рэгістрах голасам вял. дыяпазону, рэдкай прыгажосці і тэмбравага багацця. Яго творчасці былі ўласцівы вял. сцэн. культура, арганічнае спалучэнне вак., муз. і драм. майстэрства. Сярод партый: княжыч Юрый, Герман («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Галіцын, Самазванец («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Радамес, Манрыка («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Енік («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Кахоўскі («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Незяласаў («Мікіта Вяршынін» Дз.​Кабалеўскага). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1950.

Г.М.Нэлеп.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)