Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́ЎНЯ,
вёска ў Беларусі, у Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Капыль, 120 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Цімкавічы, на скрыжаванні аўтадарог Капыль—Узда і Асіповічы—Баранавічы. 491 ж., 173 двары (1995). Пачатковая школа, бальніца, аддз. сувязі.
Вядома з 17 ст., калі вёсцы нададзены правы мястэчка і штотыднёвых кірмашоў. У 1769—1806 працавала Бабаўнянская суконная мануфактура. На пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав., 196 ж, у аднайменным маёнтку 407 ж, вінакурны з-д. З 1924 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВАЎНЯ́НСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФА́КТУРА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1769—1806 у мяст.Бабоўня Слуцкага пав. (цяпер вёска ў Капыльскім раёне Мінскай вобл.). У 1797 працавалі 110 рабочых, выпушчана 4,6 тыс. аршынаў сукна (каля 3,3 тыс.м). У 1800 вырабляла сукны, байку, вігонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в.Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРНО́ВІЧЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду ўласнага герба «Бярновіч». Валодалі маёнткамі ў Менскім і Новагародскім ваяв. Выводзілі свой род з Прусіі ад 1560. Найб. вядомыя Бярновічы:
Ян, заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1683 як маёр войска ВКЛ. Стольнік вендэнскі. Юрый Вільгельм, стольнік вендэнскі з 1701, у 1704—07 на вайск. службе. Міхал (24.9.1734 — пасля 1802), староста крэўскі (1764), суддзя земскі новагародскі (1783), слуцкі падкаморы (1792) і павятовы маршалак (1795—1802). Заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. Сэрвацы Станіслаў Антон 114.5.1784 — каля 1835), старшыня мінскага гал. і памежнага судоў, старшыня гал. судоў Мінскай губ., слуцкі павятовы маршалак (1808—11).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в.Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р. Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в.Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в. Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в. Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».