БАА́,

удаў звычайны (Constrictor constrictor), змяя падсямейства ўдаваў. 6 падвідаў. Пашыраны ў Амерыцы, пераважна ў трапічных лясах; падвід імператарскі ўдаў (Constrictor constrictor imperator) — у гарах; аргенцінскі ўдаў (Constrictor constrictor occidentalis) — у засушлівых стэпах. Жыве на глебе, па берагах рэк і ручаёў, на дрэвах.

Даўж. 2—5,5 м. Афарбоўка яркая, стракатая, з метал. бляскам. Малюнак цела вельмі разнастайны. Нараджае 3—64 дзіцяці даўж. па 0,5 м кожнае. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, птушкамі. Маладыя асобіны добра прыручаюцца, у няволі жывуць да 10 і болей гадоў. Скура вельмі цэніцца за прыгожы ўзор.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БАА) у Нью-Йорку, грамадская арг-цыя, якая займаецца культ.-асв. дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў у ЗША. Засн. ў 1965. Асн. мэты: пашыраць і падтрымліваць ідэалы амер. канстытуцыі, распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, аказваць дапамогу сябрам арг-цыі. БАА ладзіць літ. вечары, курсы для моладзі, адзначае бел. гіст. ўгодкі. Выдае інфармацыйныя лістоўкі, прэс-рэлізы. У кіраўніцтва БАА уваходзяць К.Мярляк, В.Шчэцька і інш.

В.Кіпель.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ

(БАА),

арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)