АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),
1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.
2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.
Літ.:
Обшая психология. 2 изд. М., 1986;
Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МАў інфарматыцы,
дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.
П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА, беспрадметнае мастацтва,
нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).
Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал.аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).
Да арт.Абстрактнае мастацтва. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.Да арт.Абстрактнае мастацтва. Дж.Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.Да арт.Абстрактнае мастацтва. В.Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПОЯ́З (ад рус. назвы Таварыства вывучэння паэтычнай мовы),
навукова-даследчае аб’яднанне рус. лінгвістаў, тэарэтыкаў і гісторыкаў літаратуры ў сярэдзіне 1910-х—1920-я г. Створаны ў 1916—18 Я.Паліванавым, Л.Якубінскім, В.Брык, С.Бернштэйнам, В.Шклоўскім, Б.Эйхенбаумам, Ю.Тынянавым. Адмовіўся ад традыц. метадаў апісання і аналізу літ. творчасці, засяродзіўшы ўвагу на даследаванні яе моўна-выяўл. сродкаў як дамінуючых канструктыўных фактараў у рухомай сістэме стварэння і ўспрымання твораў. Сцвярджаў эстэт. самакаштоўнасць паэт. мовы і фармальна-маст. наватарства незалежна ад ідэалаг. арыентацыі. Генетычна звязаны з мадэрнісцкімі плынямі ў мастацтве, якія імкнуліся пераадолець літ. шаблоны і аўтаматызм іх успрымання шляхам парадаксальных слоўных вобразаў і метадам «остранения» — стварэння ўскладненай, нялёгкай для ўспрымання формы. Даследаваў тэорыю вершаскладання, структуру і семантыка-эстэт. функцыі маст. мовы, сюжэтную будову буйных празаічных жанраў і іх эвалюцыю, выкарыстоўваў параўнальна-тыпалаг. метады і стыліст. спосабы аналізу. Пад уплывам жывой маст. практыкі (творчасць У.Маякоўскага, С.Эйзенштэйна і інш.) і канструктыўнай крытыкі ў 2-й пал. 1920-х г. аб’яднанне пераадольвала фармаліст. тэндэнцыі. Паўплываў на канцэпцыі выяўл. і арх. мастацтва Беларусі 1920-х г. (асобныя ідэі К.Малевіча, канструктывізм) і літ. рух [ідэя «аквітызму» (ажыўлення) у «Маладняку», погляд на л-ру як «жыццебудаўніцтва» ва «Узвышшы», атаясамліванне мастацтва і жыцця ў эстэт. праграме «Літаратурна-мастацкай камуны»]. У канцы 1920-х г. распаўся пад націскам раппаўскай вульгарна-сацыялаг. крытыкі, прадстаўнікі якой на Беларусі аднабакова разглядалі гэты кірунак як бурж. і фармалістычны. З 2-й пал. 1950-х г. пад уплывам метадаў О. фарміраваліся структуралісцкія і матэм. метады даследавання мовы і маст. л-ры.
Літ.:
Тынянов Ю. Проблема стихотворного языка;
Статьи. [2 изд.] М., 1965;
Шкловский В. О теории прозы. М., 1925;
Бахтин М. К эстетике слова // Контекст, 1973. М., 1974.