Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл.Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс.кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц.т-ва«Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех.з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл.гл. ў арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
асноўнае эксплуатацыйнае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, што ажыццяўляе прыём, адпраўленне, фарміраванне і расфарміраванне цягнікоў, абслугоўванне пасажыраў, прыём і выдачу грузаў; лінейнае падраздзяленне чыгункі. Да асн. збудаванняў і ўстройстваў Ч.с. адносяцца: станцыйныя пуці, чыгуначныя вакзалы і службова-тэхн. будынкі; платформы (пасажырскія і грузавыя, у т. л.апарэлі), склады, пагрузачна-разгрузачныя пляцоўкі і сродкі механізацыі работ (напр., краны розных тыпаў, аўтакары і электракары), пешаходныя масткі і тунэлі; прыстасаванні для тэхн. абслугоўвання лакаматываў і вагонаў (на буйных станцыях — лакаматыўныя і вагонныя дэпо); устройствы станцыйнай чыгуначнай сігналізацыі, блакіроўкі і сувязі (гл. таксама Аўтаблакіроўка). Паводле характару работы Ч.с. падзяляюцца на прамежкавыя, участковыя, сартавальныя, грузавыя і пасажырскія. Ч.с., размешчаныя на перасячэнні, злучэнні 2 ці больш чыг. ліній, утвараюць чыгуначны вузел. Паводле аб’ёму і складанасці работы адрозніваюць пазакласныя (з вял. аб’ёмам работы і высокім узроўнем тэхн. аснашчэння) і Ч.с. 1—5-га класаў. Назвы Ч.с. і схему іх размяшчэння на бел. чыгунцы гл. пры арт.Беларуская чыгунка.