АЎДЗЕ́Й Леанід Вікенцьевіч
(7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),
бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.
Тв.:
Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.
т. 2, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛЫ Касьян
(сапр. Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),
бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.
Тв.:
Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;
Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКАЎ Генадзь Сцяпанавіч
(н. 19.2.1935, г. Магілёў),
бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1974), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1957). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя Я.Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Янка («Там і тут» Д.Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).
Літ.:
Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
т. 2, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)