ГЛЮКАЗАМІ́Н,

C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,

цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)