АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт. Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁНКІ ПАЛІМЕ́РНЫЯ,

суцэльныя слаі палімераў таўшчынёй 0,2—0,3 мм; празрыстыя эластычныя матэрыялы. Вырабляюць пераважна з сінт. палімераў (напр., поліэтылену, полівінілхларыду, поліамідаў), а таксама прыродных (напр., гідратцэлюлозныя плёнкі, найб. вядомы з іх цэлафан) і штучных палімераў, т.зв. эфірацэлюлозныя плёнкі, напр. ацэтатныя. Першыя прамысл. плёнкі выраблены ў 1899 у Вялікабрытаніі з нітратаў цэлюлозы, пазней з цэлафану.

У прам-сці П.п. атрымліваюць экструзіяй расплаваў, з раствораў палімераў: паліваннем на паліраваную паверхню (бясконцая метал. стужка або барабан) з наступным награваннем для выдалення растваральніку (сухое фармаванне) ці пры дапамозе спецсаставаў у асаджальнай ванне (мокрае фармаванне), каландраваннем пластыфікаваных палімераў (гл. Каландр), прасаваннем. Выкарыстоўваюць як упаковачныя і электраізаляцыйныя матэрыялы, аснову кіна- і фотаплёнак, магн. стужак, пакрыццё для цяпліц і парнікоў, для вырабу мембран (гл. Мембранныя метады раздзялення), святлафільтраў, ламінавання паліграфічнай прадукцыі і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)