ЛІХАМА́НКА,

ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма вышэйшых жывёл і чалавека на ўздзеянне інфекцый, прадуктаў жыццядзейнасці бактэрый, траўмаў і інш. Выяўляецца павышэннем т-ры цела. У большасці выпадкаў Л. ўзмацняе імунітэт. Пры т-ры цела вышэй за 41 °C можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў (павялічваецца распад бялку), сардэчна-сасудзістай, дыхальнай дзейнасці і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗАВА́ННЕ,

пакрыццё паверхні металаў ахоўным слоем бронзы электралітычным або металізацыйным спосабам. Бранзаваннем называюць таксама наданне паверхні неметал. вырабаў бронзавага адцення (бляску) шляхам фарбавання т.зв. бранзавальнымі парашкамі ў сумесі з маслянымі або спіртавымі лакамі. Бронзавыя пакрыцці з 10—12% волава, атрыманыя электралітычным асаджэннем, выкарыстоўваюць замест нікелю пры ахоўна-дэкар. храміраванні, а таксама для мясц. аховы ад дыфузіі азоту ў сталь пры тэрмічнай апрацоўцы. Бронзавыя пакрыцці з 40—45% волава наносяць на радыёдэталі, быт. метал. вырабы і інш.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ НДІ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1939 у Мінску як НДІ буд. матэрыялаў Беларусі. З 1963 саюзнага, з 1972 рэспубліканскага падпарадкавання. З 1994 Дзярж. прадпрыемства Мінскі НДІ буд. матэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: правядзенне н.-д. работ па тэхналогіях вытв-сці керамічных сценавых і апрацоўчых матэрыялаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў на аснове мінер. і палімернай сыравіны, мясц. вяжучых матэрыялаў і цэменту, новых нізкаэнергаёмістых (безабпальных, безаўтаклаўных) вогнетрывалых матэрыялаў, атмасфераўстойлівых ахоўна-дэкар. пакрыццяў, высокатэмпературных цеплаізалятараў, арх. форм і кампазітаў з мясц. сыравіны; удасканаленне вытв-сці традыц. буд. матэрыялаў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій; правядзенне сертыфікацыйных выпрабаванняў на якасць і бяспеку буд. матэрыялаў.

У.М.Ганчарык.

т. 10, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛЕ́ННЕ,

мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)