Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АФІУ́РЫ,
змеяхвосткі (Ophiuroidea), клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).
Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. Скопішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Змеяхвосткі, гл.Афіуры
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЛАСКУ́РЫЯ (Echinodermata),
тып беспазваночных жывёл. 3 падтыпы: сцябліністыя (Crinozoa, або Pelmatozoa) з 1 сучасным кл.марскіх лілей; эхіназоі (Echinozoa) з 2 кл. — марскія вожыкі і галатурыі; астэразоі (Asterozoa) з 2 кл. — марскія зоркі і афіуры. Стараж. І. ўзніклі ў дакембрыі, у раннім палеазоі, мяркуюць, існавала 23 кл. І., большасць з якіх вымерла ў палеазоі, у т.л. бластаідэі, крынаідэі, цыстаідэі і інш. Каля тыс. сучасных і 16 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах ад літаралі да глыб. 11 км. На Беларусі шматлікія рэшткі І. трапляюцца ў адкладах ардовіку, радзей — у сілурыйскіх, дэвонскіх, кам.-вуг. і зрэдку ў юрскіх адкладах.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 1 м 20 м у некат. выкапнёвых). Форма цела нагадвае агурок, бочачку, дыск, зорку, кветку або бутон на сцябле, сэрца, чарвяка, шар. У будове цела характэрна прамянёвая (радыяльная) сіметрыя і вапнавы ўнутр. шкілет з іголкамі, шыпамі і інш. на паверхні. Свабоднарухомыя або прымацаваныя. Ёсць унікальная для І. воднасасудзістая (амбулакральная) сістэма для перамяшчэння або дыхання. Пераважна раздзельнаполыя. Развіццё з утварэннем пелагічнай лічынкі і са складаным метамарфозам. Кормяцца жывёльнай ежай, радзей водарасцямі і рэшткамі расліннасці. І. — корм для прыдонных рыб. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Некат. знішчаюць прамысл. малюскаў.