А́ФТЫ (грэч. apthai),
невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ШЧУР,
вострая вірусная кантагіёзная хвароба парнакапытных жывёл, зрэдку і чалавека. Сустракаецца ў многіх краінах Еўропы (у т. л. Беларусі), Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, устойлівы да ўплыву фактараў навакольнага асяроддзя. Найб. успрымальныя да Я. буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні. Крыніца інфекцыі — хворая жывёла. Вірус вылучаецца са слінай, малаком, мачой, калам. Фактары перадачы віруса — інфіцыраваныя кармы, подсціл, прадметы догляду, крывасосныя насякомыя. Прыкметы: моцнае слінацячэнне, ліхаманка, кульгавасць і інш., на слізістай абалонцы стрававальнага тракту і скуры ўтвараюцца афты. Лятальнасць маладняку дасягае 90%, дарослых жывёл да 19%. Перахварэлая жывёла набывае імунітэт на некалькі гадоў. Чалавек заражаецца Я. праз інфіцыраваныя сырыя малочныя прадукты або пры доглядзе хворай жывёлы. Хвароба цягнецца 1—2 тыдні. Лячэнне сімптаматычнае.
т. 18, кн. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)