Атрэзія 8/357

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭЗІ́Я

(ад а... + грэч. trēsis адтуліна),

1) поўная адсутнасць прасвету або адтуліны ў трубчастым органе. Прыроджаная атрэзія (аорты, стрававода, заднепраходнай адтуліны, похвы, маткі і інш.) развіваецца пры парушэнні эмбрыянальнага фарміравання органа. Пры некаторых прыроджаных атрэзіях нованароджаныя нежыццяздольныя. Набытая атрэзія ўзнікае з прычыны запалення або рубцовага працэсу (напр., атрэзія стрававода пры апёку кіслатой). Лячэнне хірургічнае.

2) Зваротнае развіццё фалікула ў яечніку млекакормячых. Інтэнсіўнае ў перыяд палавога выспявання і цяжарнасці.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАТРЭЗІ́Я

(ад гін... + атрэзія),

парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы. Бывае таксама другаснай, пасля кальпіту, перанесенага ў дзяцінстве, што выклікае атрэзію похвы. У перыяд палавой спеласці ўзнікаюць схваткі і недамаганні ў дні, што адпавядаюць менструальнаму цыклу. Кроў не выходзіць вонкі, а збіраецца ў похве, потым у матцы і назапашваецца ў трубах (несапраўдная аменарэя), што выклікае расшырэнне ўнутр. палавых органаў да памеру дзіцячай галоўкі. Гінатрэзія запаленчай этыялогіі таксама другасная. Анамаліі развіцця похвы часта спалучаюцца з анамаліямі развіцця мачавой сістэмы. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)