А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.

Літ.:

Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬТАН, Долтан (Dalton) Джон (6.9.1766, Іглсфілд, каля г. Уэркінгтан, Вялікабрытанія — 27.7.1844), англійскі хімік і фізік, стваральнік хім. атамістыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1822). Адукацыю атрымаў самастойна. У 1781—93 выкладаў матэматыку ў школе ў Кендалі, з 1793 — фізіку і матэматыку ў Новым каледжы ў Манчэстэры. Адкрыў кратных адносін закон (1803), газавыя законы, названыя яго імем (гл. Дальтана законы). Прапанаваў і абгрунтаваў тэорыю атамнай будовы. ці хім. атамістыку, якая тлумачыла эмпірычны закон пастаянства саставу. Аўтар працы «Новая сістэма хімічнай філасофіі» (т. 1—2, 1808—27). Апісаў дэфект зроку, што атрымаў назву дальтанізм.

Літ.:

Крицман В.А Роберт Бойль, Джон Дальтон, Лмедео Авогадро. Создатели атомно-молекулярного учения в химии. М., 1976.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)