Атлетыка 1/560

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕ́ТЫКА,

у шырокім сэнсе — фізічныя практыкаванні, якія развіваюць сілу, вынослівасць, спрыт і інш. якасці (гл. Атлетызм). З 19 ст. адрозніваюць цяжкую атлетыку (бокс, барацьбу, гіравы спорт) і лёгкую атлетыку (бег, кіданне, скачкі). З 1946 цяжкай атлетыкай наз. спорт, у аснове якога толькі падыманне цяжару (штангі, гіры).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Цяжкая атлетыка 1/560; 11/161

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лёгкая атлетыка 1/560; 2/198; 3/352; 5/180, 557; 6/346—347

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

цяжкая атлетыка

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,

від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).

Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.

На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.​Гараеў, Я.​Гаўрыленка, М.​Кіраў, У.​Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.​Іўчанка і П.​Пачанчук; у трайным скачку А.​Каваленка і І.​Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.​Шыкаленка, дыска У.​Дуброўшчык, В.​Капцюх і Э.​Зверава; у сямібор’і Н.​Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.​Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.​Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.​Смяхнова (1983), А.​Бялеўская (1987), У.​Сасімовіч (1991), Я.​Місюля (1991, 1995), С.​Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.​Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.​Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.​Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.​Духнова (1994).

Т.​П.​Юшкевіч.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКІ́ЛА (Абэбэ) (7.8.1932—25.10.1973),

эфіопскі спартсмен (лёгкая атлетыка), адзін з лепшых бегуноў свету на звышдалёкія дыстанцыі. Алімпійскі чэмпіён 1960 і 1964 у марафоне.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРЭ́Н ((Virén) Ласе) (н. 22.7.1949, г. Мюрскюля, Фінляндыя),

фінскі спартсмен (лёгкая атлетыка). 4-разовы алімпійскі чэмпіён (1972 і 1976) у бегу на 5000 і 10 000 м. Неаднаразовы рэкардсмен свету на стаерскіх дыстанцыях.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПКО́ВІЧ (Ігар Вячаслававіч) (н. 4.1.1963, г. Наваполацк),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — кіданне молата), засл. майстар спорту СССР (1991), Беларусі (1995). Скончыў Наваполацкі політэхн. ін-т (1986). Чэмпіён Еўропы (1990), пераможца гульняў Добрай волі (1990), сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіянатаў свету (1991, 1993, 1995), Кубка Еўропы (1994).

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)