Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́ЛЬСЫ,
біялагічны заказнік на тэр. Віцебскага р-на. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 794 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са значнымі мінер. ўчасткамі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вял. пашырэннем журавін, хвойнікі асаковыя, асакова-сфагнавыя, багуновыя і інш. На мінер. участках пераважаюць яловыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦЕНСКІ МОХ,
гідралагічны заказнік на тэр. Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.Засн. ў 1981 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотных масіваў К.М. і Чысцік-1 з характэрнай расліннасцю. Пл. 1350 га (1998). Знаходзіцца ў межах Суражскай нізіны. Рэльеф тэрыторыі азёрна-марэнны. Балоты вярховага тыпу, тарфяныя паклады таўшчынёй да 3,7 м. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-хмызнякова-сфагнавыя фітацэнозы, на мінер. «астравах» — бярозавыя, яловыя, асінавыя і альховыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́БАЛАЦЦЕ,
біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАДЗЯМ’Я́НСКАЯ (Зоя Анатолеўна) (Таня; 13.9.1923, с.Асінавыя Гаі Гаўрылаўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 29.11.1941),
Герой Сав. Саюза (1942). У кастр. 1941 вучаніца 10-га кл. 201-й маск. школы К. добраахвотна ўступіла ў знішчальны партыз. атрад. У ліст. 1941 у час выканання баявога задання ў варожым тыле схоплена гітлераўцамі ў в. Пятрышчава Верайскога р-на Маскоўскай вобл. і пасля жорсткіх катаванняў павешана.
Літ.:
Космодемьянская Л. Повесть о Зое и Шуре. М., 1966.