НАФТАПРАДУ́КТЫ,
сумесі газападобных, вадкіх і цвёрдых вуглевадародаў, што атрымліваюць з нафты і нафтавых газаў. Асн. групы Н.: паліва (газы нафтаперапрацоўкі, газы нафтавыя спадарожныя, бензін, ліграін, газа, мазут), нафтавае масла, нафтавыя растваральнікі і асвятляльная газа, цвёрдыя вуглевадароды (парафін, азакерыт, цэрэзін), бітумы і інш. Н. (кокс нафтавы, пластычныя змазкі, вуглярод тэхн., асідол, розныя фракцыі перагонкі нафты і прадукты іх перапрацоўкі).
Літ.:
Товарные нефтепродукты, свойства и применение. 2 изд. М., 1978.
т. 11, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл. Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)