ПРЫКА́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

агратэхнічны прыём, ураўнаванне і ўшчыльненне паверхневага слоя глебы каткамі. Захоўвае глебавую вільгаць, памяншае перапады т-ры, забяспечвае раўнамернае загортванне насення і найлепшыя ўмовы для ўкаранення і кушчэння раслін, прадухіляе асяданне глебы, садзейнічае назапашванню ў глебе пажыўных рэчываў у лёгказасваяльных формах, павялічвае мікрабіял. актыўнасць глебы. Праводзяць перад сяўбой (асабліва ў сухую вясну), пасля сяўбы (часцей для дробнага насення), пры агаленні вузла кушчэння азімых культур, для знішчэння ледзяной скарынкі на пасевах зімуючых культур.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць высокага атм. ціску над Усх. Антарктыдай. Праяўляецца на працягу ўсяго года. Асабліва ўстойлівы зімой (чэрв.жн.), калі ў час палярнай ночы мацярык моцна выхалоджваецца (т-ра ледавіковага покрыва апускаецца да -55 °C, паветра — да -89,3 °C). На перыферыі антарктычных антыцыклонаў слабыя ўсх. вятры, якія ў зоне ледавіковага схілу ператвараюцца ў сцёкавыя і ўраганныя. Найб. ціск у цэнтры антарктычнага антыцыклону на плато Савецкае (4000 м над узр. м.). Пераважае бязвоблачнае, вельмі халоднае і сухое надвор’е. Назіраецца асяданне паветра ў працэсе кампенсацыі сцёку яго з мацерыка. На вышыні антарктычны антыцыклон замяшчаецца каляпалярнай дэпрэсіяй — зонай нізкага ціску.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)