Асэсар 1/547

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСЭ́САР (лац. assessor),

службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калежскі асэсар, гл. Табель аб рангах

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА (Барэйка) Ян

(24.6.1777, г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1851),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік. Бацька А.Ходзькі, І.І.Ходзькі, М.Ходзькі. З 1793 цывільна-вайск. камісар Ашмянскага пав., з 1795 асэсар суда ў Паставах, з 1798 падсудак, з 1808 падкаморы Вілейскага пав., з 1811 старшыня Гал. цывільнага суда ў Мінску, інспектар шкал у Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. Адзін з арганізатараў масонскіх лож у Мінску і Вільні. Прытрымліваўся памяркоўна-асветніцкіх поглядаў. Прыхільнік асветы для народа. За сувязь з т-вам філаматаў у 1826 зняволены. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы на Урал (1830—34). Пісаў на польскай мове. Класіцыст, потым псеўдакласіцыст-маралізатар. Аўтар камедыі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» (1812), трагедыі «Кракус» (нап. 1816), аповесцей «Пан Ян са Свіслачы...» (1821) і «Брат і сястра» (1845), трактата «Аб эксдывізіях, або Аб судовым падзеле маёнтка даўжніка на карысць крэдытораў» (1816), успамінаў і артыкулаў па гісторыі Міншчыны, адметных жывасцю апавядання і значнай колькасцю беларусізмаў. Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), альманаху «Rubon» («Рубон») і інш. П’есы Х. ставіліся ў Мінску на аматарскай сцэне ў 1812.

Тв.:

Pisma rozmaite autora «Pana Jana ze Świsłoczy». T. 1—12. Wilno, 1837—42;

Diccezja Mińska około 1830 roku. T. 1. Struktury parafialne. Lublin, 1998.

Літ.:

Chodżko D.C. Jan Chodżko: Obrazek życiorysowy // Teka Wileńska. 1858. № 5;

Turska H. Język Jana Chodźki. Wilno, 1930;

Мархель У. Як свечка перад згасаннем // Мархель У. Прысутнасць былога. Мн., 1997.

У.​І.​Мархель.

Я.Ходзька.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́БЕЛЬ АБ РА́НГАХ,

заканадаўчы акт Рас. імперыі, які ў 18 — пач. 20 ст. вызначаў падзел на класы ваен., стацкіх і прыдворных чыноў. Уведзены Пятром I у 1722. Складаўся з уласна Табеля з пералікам 14 рангаў (класаў) ад 1-га вышэйшага да 14-га ніжэйшага і з 19 пунктаў каментарыяў да яго. Вайск. чыны падзяляліся на сухап., гвардыю, артыл., марскія. Сярод іх адрозніваліся генеральскія чыны (1—5-ы кл.), штаб-афіцэрскія (6—8-ы кл.), обер-афіцэрскія (9—14-ы кл.). Пры роўным чыне старшынства вызначалася часам атрымання чыну. Вайск. чыны мелі старшынства перад цывільнымі адпаведнага рангу. Чыны гвардыі мелі перавагу на 1—2 рангі. Паводле 1-й рэд. Табеля, атрыманне чыноў 7—14-га рангаў давала пэўныя правы цывільным чыноўнікам на час выканання службовых абавязкаў (пазней асабістае дваранства), спадчыннае дваранства атрымлівалі вайскоўцы ад 14-га і цывільныя асобы ад 8-га кл. З 1845 асабістае дваранства атрымлівалі чыны ад 9-га кл., спадчыннае дваранства — вайск. чыны ад 6-га і цывільныя ад 5-га (з 1856—4-га) кл. Недваране для атрымання афіцэрскага чыну служылі 12 гадоў у унтэр-афіцэрскіх чынах. Асобы, што былі ў чынах, якія не давалі асабістага дваранства, з 1832 маглі набываць правы ганаровых грамадзян. У пазнейшых рэдакцыях у Табель унесены горныя чыны і вучоныя ступені. Сістэма старшынства Табеля ахоплівала і чл. сямей чыноўнікаў; дочкі атрымлівалі ранг ніжэйшы на 4 рангі ад бацькавага, пасля выхаду замуж — ранг мужа. Чыны 1—2-га кл. тытулаваліся «высокаправасхадзіцельства», 3—4-га кл. — «правасхадзіцельства», 5-га — «высакароддзе», 6—8-га — «высокаблагароддзе», 9—14-га — «благароддзе». Правы на пэўныя ступені ордэнаў мелі чыны адпаведных класаў, а ўзнагарода ордэнам «вышэйшага» класа аўтаматычна азначала пераход у гэты клас. У 1801—41 друкаваліся спісы ўсіх цывільных чыноў, у 1842—1916 — цывільных чыноў першых 4 кл.; выдаваліся спісы генералаў, штаб і обер-афіцэраў паводле старшынства. У 18—19 ст. Табель неаднаразова мадэрнізаваўся. Тытулаванне ў арміі адменена загадам ваен. міністра Часовага ўрада 5(18).3.1917, ваен.-прыдворныя чыны скасаваны загадам 21.3(3.4).1917. Палажэнні Т.а.р. адменены дэкрэтам ВЦВК і СНК 10(23).11.1917 «Аб скасаванні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў», інш. дакументамі сав. улады ў снеж. 1917—студз. 1918.

Літ.:

Шепелев Л.Е. Отмененные историей чины, звания и титулы в Российской империи. Л., 1977.

І.​Л.​Сінчук.

Некаторыя чыны паводле Табеля аб рангах (па стане на 1917)
Клас Армейскія сухапутныя чыны Стацкія чыны
1 Генерал-фельдмаршал Канцлер
2 Генерал Правадзейны тайны саветнік
3 Генерал-лейтэнант Тайны саветнік
4 Генерал-маёр Правадзейны стацкі саветнік
5 — Стацкі саветнік
6 Палкоўнік Калежскі саветнік
7 Падпалкоўнік Надворны саветнік
8 Капітан Калежскі асэсар
9 Штабс-капітан Тытулярны саветнік
10 Паручнік Калежскі сакратар
11 — Карабельны сакратар
12 Падпаручнік Губернскі сакратар
13 Прапаршчык Правінцыяльны сакратар
14 — Калежскі рэгістратар

т. 15, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)