АСТЭО́Н
(ад грэч. osteon косць),
гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.
т. 2, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ВЕРСАВЫ КАНА́ЛЫ
(ад прозвішча англ. анатама К.Гаверса),
трубчастыя поласці ў астэонах кампактнага рэчыва пласціністай косці ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека. У трубчастых касцях ідуць паралельна іх падоўжнай восі, у плоскіх — паралельна іх паверхні, у целах пазванкоў — перпендыкулярна іх восі. Кожны гаверсаў канал утвораны канцэнтрычна размешчанымі касцявымі пласцінкамі, разам з якімі складаюць астэон (гаверсаву сістэму). У гаверсавых каналах ёсць крывяносныя сасуды, нерв. валокны і рыхлая злучальная тканка.
т. 4, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)