Астрошыцы (в.) 1/543; 6/240 (к.), 241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ШЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).

Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст. наз. Астрашыцкім ад в. Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.

Мэблевая ф-ка, доследна-мех. з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ РАЁН.

На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс. км². Нас. 43,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Лагойск. Уключае г.п. Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.

Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-ра студз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 90,6 тыс. га, з іх асушаных 23,7 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст.пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)