АСТРАЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Вайханскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 16 км на ПдЗ ад Гарадка, 50 км ад Віцебска, 18 км ад чыг. ст. Гарадок. 287 ж., 112 двароў (1995). Б-ка, Дом культуры, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ Аляксандр Міхайлавіч

(1885, в. Астраўляны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 30.1.1941),

прафесійны рэвалюцыянер. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1906 чл. Пецярбургскага к-та РСДРП, у 1907—09 чл. яго выканаўчай камісіі. Удзельнік V Усерас. парт. канферэнцыі (Парыж, 1908). У 1909 арыштаваны і сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Верхнеудзінскага (з 1934 Улан-Удэ) Савета. З 1918 старшыня Рэўтрыбунала Прыбайкалля. Пасля захопу Забайкалля белагвардзейцамі эмігрыраваў у Манголію, потым у Кітай. Адзін з кіраўнікоў разгрому войск Унгерна. У 1921 эмісар Далёкаўсх. Рэспублікі ў Прыбайкаллі, сакратар Далёкаўсх. Бюро ЦК РКП(б). З 1922 старшыня Нар. сходу Далёкаўсх. Рэспублікі, пазней нам. наркома гандлю РСФСР. У 1933—41 нам. гал. арбітра РСФСР. Аўтар кн. «Шлях рабочага» (1934).

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНІ́ЦЫН Канстанцін Васілевіч

(13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),

адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яўлы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.

Літ.:

Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Г.В.Кісялёў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)