МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПА АСТРАНА́ЎТЫЦЫ,

(МФА; International Astronautical Federation), навуковая арганізацыя, якая займаецца праблемамі даследавання і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах, уключаючы пытанні ракетнай тэхнікі і касм. права. Засн. ў 1950. Аб’ядноўвае навук. арг-цыі больш як 40 краін, у т. л. Расіі, Украіны, Казахстана. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА і Міжнар. саюзе электрасувязі. Штаб-кватэра і Сакратарыят у Парыжы.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРМАЕР (Overmyer) Роберт (н. 14.7.1936),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты ў адстаўцы. Магістр навук па астранаўтыцы (1964). Скончыў каледж Болдуін-Уолес (1958), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў (КК) «Спейс шатл»; 11—16.11.1982 — на КК «Калумбія» (як 2-і пілот), 29.4—6.5.1985 — на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 12,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛЬЕ́ (Nicollier) Клод (н. 2.9.1944, Верве, Швейцарыя),

першы касманаўт Швейцарыі. Бакалаўр навук па фізіцы (1970), магістр навук па астранаўтыцы (1975). З 1987 у атрадзе касманаўтаў Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Здзейсніў (як спецыяліст палёту) 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 31.7—8.8.1992 на КК «Атлантыс», 2—13.12.1993 на КК «Індэвар», 22.2—9.3.1996 на КК «Калумбія», 20—28.12.1999 на КК «Дыскаверы». У космасе правёў 42,5 сут. Залаты медаль НАСА «За касмічны палёт» (4).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Эдгар (н. 17.9.1930, г. Херфард, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р н. па аэранаўтыцы і астранаўтыцы. Капітан 1-га рангу ВМС (з 1972 у адстаўцы). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пітсбургу (1952), вышэйшую школу ВМФ (1961), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і С.Русам здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-14». Прабыў на Месяцы 33,5 гадз, у т. л. двойчы выходзіў на яго паверхню (агульны час 9,4 гадз). У космасе правёў 9 сутак.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)