горад у цэнтры Польшчы, адм. ц.Астралэнцкага ваяводства. На р. Нараў. Вядомы з 1373. 51,8 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Цэлюлозна-папяровая, металаапр., цэментная, шкляная, дрэваапр.прам-сць. ЦЭЦ. Касцёл у стылі барока і кляштар 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЛЭ́НЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Ostrołęckie),
у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 6498 км², нас. 389,5 тыс.чал. (1987). Адм. ц. — г.Астралэнка. Займае Паўночна-мазавецкую нізіну, Курпёўскую раўніну (выш. да 235 м), Ломжынскае міжрэчча і паўд. ўскраіну Сярэднемазавецкай нізіны. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3,5 °C, ліп. 17,5—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Нараў з прытокам Амулеў і Буг. 30,6% тэр. пад лесам, уздоўж Нарава — Курпёўская пушча. Аснова гаспадаркі — земляробства (62% тэр. пад с.-г. ўгоддзямі). Вырошчваюць жыта, бульбу, сеяныя травы, авёс. Гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу. Прам-сць: электратэхн., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. ЦЭЦ. Найб. гарады: Астралэнка, Вышкаў, Остраў-Мазавецка, Пшасныш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАВЕ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Mazowieckie),
адм.-тэр. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 35 тыс.км². Нас. 5068 тыс.чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г.Варшава. Найб. гарады: Радам, Плоцк, Седльцы, Астралэнка. Размешчана на Мазавецкай нізіне, у межах якой вылучаецца Варшаўская катлавіна. Рэльеф нізінны з участкамі марэнных раўнін і шырокімі далінамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (гліны, пяскі, жвір, мел). Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -2,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 470—600 мм за год. Гал. рэкі: Вісла, Буг, Нараў. Воз. Зягжынскае. Глебы пераважна падзолістыя, балотныя, бурыя. Лясы займаюць 21% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле- і трактарабудаванне, электратэхн., электронная прам-сць), нафтахім. і хім. (у т. л. фармацэўтычная), парфумерная, цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, паліграф.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 67% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, пшаніцу, цукр. буракі. Інтэнсіўнае садоўніцтва і агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г.Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ПРУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1806—07,
вайна паміж 4-й кааліцыяй (склалася ў вер. 1806 з Вялікабрытаніі, Расіі, Прусіі, Саксоніі, Швецыі) і Францыяй (гл.Напалеонаўскія войны). У адказ на ультыматум Прусіі аб адводзе франц. войск за Рэйн армія Напалеона I імгненна ўварвалася ў Саксонію і Прусію. 14 кастр. ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 пруска-саксонскія войскі разбіты. 24 кастр.франц. войскі занялі сталіцу Прусіі Берлін, дзе 21 ліст. Напалеон падпісаў дэкрэт аб кантынентальнай блакадзе Вялікабрытаніі. Потым Напалеон накіраваў свае войскі супраць рас. арміі (3 корпусы, каля 160 тыс.чал., галоўнакамандуючы фельдмаршал М.Ф.Каменскі), якая да гэтага часу сканцэнтравалася ў раёне Пултуск—Астралэнка—Брэст-Літоўск. 28 ліст. французы занялі Варшаву. Паражэнне корпуса маршала Ж.Лана 26 снеж. каля Пултуска прымусіла Напалеона часова прыпыніць наступленне. 1 лют. ён накіраваў свае гал. сілы у напрамку Кёнігсберга, каб абысці левы фланг рас. арміі і потым акружыць яе. 7—8 лют. каля Пройсіш-Эйлаў адбылася бітва, якая сарвала першапачатковыя планы Напалеона. 14 чэрв.франц. войскі перамаглі рас. армію (галоўнакамандуючы з 13 студз.ген. Л.Л.Бенігсен) у бітве пры Фрыдландзе. Гэта прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць 7 ліп. з Напалеонам Тыльзіцкі мір 1807. 9 ліп. мірны дагавор з Францыяй падпісала і Прусія.