АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнуйка, за 30 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,48 км², даўж. 0,65 км, найб. шыр. 0,25 км. Пл. вадазбору 18,1 км². Дно выслана гліністымі глеямі. Зарастае.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 7,7 м. Пл. вадазбору 6,85 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя. Берагі пясчаныя, на Пн і З сплавінныя. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Злучана ручаямі з азёрамі Плацішна і Плесна.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб. шыр. 0,79 км, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².

Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання унікальных вадаёмаў Бел. Паазер’я і месцаў росту палушніку азёрнага, занесенага ў Чырв. кнігу Беларусі. Пл. 168 га (1996). Размешчаны на тэр. Арлейскага лясніцтва, уключае азёры Гваздок, Вялікае Астравіта і прылеглую ч. водазаборнай плошчы, укрытую лесам. Заказнік знаходзіцца на ПнУ Полацкай нізіны. Рэльеф азёрна-ледавіковы. У раслінным покрыве пераважае хвоя, на Пд і ПдЗ трапляюцца ельнікі і бярэзнікі. Воз. Вялікае Астравіта з устойлівым гідралагічным балансам і высокімі якаснымі паказчыкамі гідрахім. складу вады; аб’ект маніторынгу.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,1 км². Схілы катлавіны на Пн і У выш. 10—11 м, на З 4—5 м, на Пд да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўд. — тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шыр. да 10 м. Дно да глыб. 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Возера і прылеглая тэр. абвешчаны аднайм. гідралагічным заказнікам.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

разнавіднасць гідралагічных заказнікаў, прызначаных для захавання і аднаўлення каштоўных у навук. адносінах азёраў і прылеглых да іх прыродных комплексаў. На тэр. азёрных заказнікаў Беларусі забаронены забор вады для гасп. мэтаў, скідванне сцёкавых водаў і бытавых адходаў, правядзенне гідрамеліярац. работ, прамысл. лоў рыбы, знішчэнне прыбярэжнай і воднай расліннасці, турызм і інш. формы арганізаванага адпачынку, выкарыстанне і мыццё маторнага транспарту, узворванне зямель у прыбярэжнай паласе. На тэр., што прылягаюць да азёрных заказнікаў, могуць забараняцца правядзенне гасп. работ, размяшчэнне новых і функцыянаванне наяўных прадпрыемстваў, якія негатыўна ўздзейнічаюць на стан прыроднага комплексу заказніка. На Беларусі 7 азёрных заказнікаў, усе ў Віцебскай вобл.: Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Рычы, Сосна.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,

тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.

На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,

фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.

Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрналедавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч. тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб. Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.

Літ.:

Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.Н. Рельеф Белорусии. Мн., 1988;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

В.П.Якушка.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)