АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.​Дз.​Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.​А.​Крывіцкага, А.​Я.​Міхневіча і А.​І.​Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.​М.​Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) аспектны даведнік, асноўнай мэтай якога з’яўляецца апісанне граматычных (фармальных і зместавых) уласцівасцей рознаўзроўневых моўных адзінак. Падзяляюцца на наступныя тыпы. Марфемныя слоўнікі падаюць марфемную будову слоў («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Л.​М.​Шакуна, 2 выд., Мн., 1989); змяшчаюць вычарпальны пералік марфем, уласцівых пэўнай мове («Слоўнік марфем рускай мовы» А.​І.​Кузняцовай, Т.​Ф.​Яфрэмавай, М., 1986); адлюстроўваюць прадуктыўнасць (частотнасць) марфем і іх спалучальнасць («Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» В.​У.​Мартынава, П.​П.​Шубы, М.​І.​Ярмаш, Мн., 1967). Лексічныя даведнікі граматычнага характару апісваюць словы пэўных часцін мовы з паказам семантычных і грамат. адносін паміж рознымі формамі аднаго і таго ж рэестравага слова («Рускі дзеяслоў і яго дзеепрыметныя формы: Тлумачальна-граматычны слоўнік» І.​К.​Сазонавай, М., 1989); тлумачаць словы службовых часцін мовы шляхам падачы да кожнага рэестравага слова пераліку агульных семантыка-сінтаксічных функцый, якія выконваюцца гэтым словам у сказе («Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў» П.​П.​Шубы, Мн., 1993). Сінтаксічныя слоўнікі змяшчаюць пералік сінтаксем пэўнай мовы з тэкставымі ілюстрацыямі да іх («Сінтаксічны слоўнік: Рэпертуар элементарных адзінак рускага сінтаксісу» Г.​А.​Золатавай, М., 1988). Стылістычныя даведнікі граматычнага характару падаюць пералік і частотнасць грамат. варыянтаў слоў і словазлучэнняў («Граматычная правільнасць рускага маўлення. Спроба частотна-стылістычнага слоўніка варыянтаў» Л.​К.​Граўдзінай, В.​А.​Іцковіча, Л.​П.​Катлінскай, М., 1976); тлумачаць і ілюструюць прыкладамі з тэкстаў адрозненні паміж варыянтнымі сінтаксічнымі канструкцыямі з аднолькавым апорным словам («Кіраванне ў беларускай і рускай мовах: Слоўнік-даведнік» Г.​У.​Арашонкавай, В.​П.​Лемцюговай, Мн., 1991). Граматычны слоўнік ўсіх тыпаў падаюць рэестравыя адзінкі ў прамым алфавітным парадку.

2) Аспектны даведнік па словазмяненні пэўнай мовы, у якім рэестравыя словы падаюцца ў адваротным алфавітным парадку (гл. Адваротны слоўнік), што дазваляе змяшчаць побач вял. масівы слоў з аднолькавым ці падобным тыпам словазмянення; да кожнага рэестравага слова змяшчаецца поўны набор звестак аб словазмяняльных формах («Граматычны слоўнік рускай мовы. Словазмяненне» А.​А.​Залізняка, 3 выд., М., 1987).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)