ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),

біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.​Гіберці, Анджэліка, Д.​Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.​Караваджа, Рэмбрант, Б.​Э.​Мурыльё, Н.​Пусэн).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)