Асець 1/508; 4/86; 7/415; 12/651

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦЬ,

старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Восець, гл. Асець

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Асетка, гл. Асець

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМНО́,

гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).

С.А.Сергачоў.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯПРО́ЎЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на 3 па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш. усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту- Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)