Асвея (г. п.) 1/211 (к.), 505, 507; 3/43, 44 (к.); 7/581

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́Я,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс. ж. (1995).

Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.

Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст.Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст.Асвейская сядзіба.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асвей (г. п.), гл. Асвея

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—59. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр — г.п. Асвея. Пл. 603 км², 412 нас. пунктаў (1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.8.1959, тэр. ўвайшла ў Дрысенскі р-н.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ МАНАСТЫ́РСКІ ШПІТА́ЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1759 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Планіроўка ў цэнтр. частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка зменена ў 1928—29, часткова збераглася ў левым крыле з паўпадвальным паверхам. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮ́К (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 25.5.1948, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной фізікі. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па працэсах намагнічвання ферамагнетыкаў, магн. метадах і сродках неразбуральнага кантролю структурнага стану ферамагн. вырабаў, іх метралагічным забеспячэнні.

Тв.:

Топография поля остаточной намагниченности над поверхностью ферромагнитного листа, локально намагниченного полем накладного соленоида // Дефектоскопия. 1995. № 11.

М.П.Савік.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.У.Сімацкі (да 18.11.1941) і І.К.Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.

В.М.Чарапіца.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал. зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.

А.М.Кулагін.

Асвейская сядзіба. З малюнка Н.Орды.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»

(«Winterzauber»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс. мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.

У.С.Пасэ.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)