Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т АСВЕ́ТЫ,
навуковая і навуч. ўстанова ў СССР у 1931—38. Рыхтавала навук. супрацоўнікаў і выкладчыкаў пед. дысцыплін ВНУ, кіруючых работнікаў органаў нар. асветы. Засн. ў Маскве. Тэрмін навучання 3 гады. Прымаў асоб з партстажам не менш як 7 гадоў (для рабочых 5 гадоў), якія мелі веды ў аб’ёме ВНУ (пед. ін-та, камуніст. ВНУ), вопыт выкладчыцкай ці культ.-асв. і кіруючай работы. Аддзяленні: пед., педалагічнае, аргпланавае, політэхнічнае. Распрацоўваў пед. праблемы, выдаваў навук. працы, прымаў да абароны дысертацыі. Слухачы карысталіся правамі аспірантаў па пед. навуках. Пры ін-це ў 1933 арганізаваны Цэнтр. НДІ педагогікі.
т. 4, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел. драм. студыі ў Маскве і інш.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,
орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв. устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел. культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.Ф.Лойка, пазней — Н.Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.Вольскі і інш.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ СМАЛЕ́НСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1922—23 і 1925—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве і Савету па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Смаленскім губ. аддзеле нар. асветы. Супрацоўнічала з Беларускім студэнцкім зямляцтвам у Смаленску. Задачы: арганізацыя ў Смаленскай губ. нац. школ, клубаў, інш. культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. У чэрв. 1923 скасавана. Адноўлена ў 1925. У 1925/26 навуч. г. адкрыты 2 бел. школы і 2 пункты па ліквідацыі непісьменнасці. З 1926/27 навуч. г. пад кіраўніцтвам секцыі ў Руднянскім, Рослаўскім і інш. паветах працавала 21 бел. школа (652 вучні) і гурткі па вывучэнні бел. мовы; у 1927/28 навуч. г. — 37 школ. Да канца 1927 у сувязі з адсутнасцю сродкаў скасаваны ўсе нац. секцыі, у тым ліку беларуская. Функцыі нац. секцый і кіраўніцтва нац. школамі перададзены інспектару па справах нац. меншасцяў губ. аддзела нар. асветы.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ГО́МЕЛЬСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1921—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя і забеспячэнне вучэбнай л-рай школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва Гомельскай губ., падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. У студз. 1922 секцыя была скасавана губ. ўладамі, у 1923 адноўлена Наркаматам асветы РСФСР. З лета 1923 пад кіраўніцтвам секцыі працавала 6 бел. школ, з вясны 1926 ёй падначалена 96 бел. школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, 5 хат-чытальняў. Супрацоўнікі секцыі арганізавалі бел. хары і драм. трупы ў Гомелі і Магілёве. У маі 1926 секцыя правяла губ. канферэнцыю настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літ. аб’яднання «Маладняк». Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Гомельскай губ. да БССР.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ АДЭ́СКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1918—23(?). Займалася культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны ў Адэсе (у 1922 іх было там каля 20 тыс. чал.). Пад кіраўніцтвам секцыі ў 1922 працавалі 6 бел. школ, у т. л. 2 школы-камуны (400 вучняў). Арганізавала і кіравала бел. дзіцячым прытулкам (1919—22), дзіцячым тэатрам і хорам. З 1921 супрацоўнічала з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У секцыі працаваў С.Некрашэвіч, ёй дапамагалі А.Баліцкі, А.Ільючонак, Л.Рытар і інш.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ВІ́ЦЕБСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала з 29.10.1921 да вясны 1924. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя на тэр. Віцебскай губ. сеткі нац. школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва. Арганізавала бел. тэатр і хор у Віцебску і Полацку, дзіцячую тэатр. трупу ў Полацку. Садзейнічала ўвядзенню ў навуч. план Віцебскага пед. ін-та ў 1923/24 навуч. г. курса беларусазнаўства. Супрацьдзеянне парт. і сав. кіраўніцтва, адмова ў фінансаванні прывялі да фактычнага спынення дзейнасці секцыі. Скасавана ў сувязі з далучэннем Віцебскай губ. да БССР.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»
(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),
серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв. вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.
Г.Я.Галенчанка.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)