ДУБАТО́ЎСКАЕ,

біялагічны заказнік на тэр. Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны як заказнік-журавіннік для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на балоце верхавога тыпу Дубатоўка ў 1979. Пл. 720 га (1997). У заказніку 2 невял. возеры. Па краі балота пераважна асакова-пушыцава-сфагнавая расліннасць, бліжэй да цэнтра — асакова-пушыцава-кусцікавасфагнавая. На мінер. «астравах» у цэнтры трапляецца рэдкая ахоўная расліна — купальнік горны.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШЫСТАБЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́,

фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл. Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс. га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.

А.​А.​Малажаўскі.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІЯ ЛУГІ́,

высакагорныя лугі альпійскага пояса. Найб. пашыраны асакова-злакавыя лугі і нізкатраўныя альпійскія «дываны» — маты, для якіх характэрна адсутнасць суцэльнага дзёрну. У складзе альпійскіх лугоў шмат кармавых, лек., дэкар., харч. раслін (гл. таксама Альпійская расліннасць). Каштоўныя с.-г. ўгоддзі. Выкарыстоўваюцца як летнія пашы.

Альпійскія лугі.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРУ́ЦА (Abruzzo),

нацыянальны парк у Італіі, у Абруцкіх Апенінах. Засн. ў 1923. Пл. больш за 29 тыс. га. Выш. да 2247 м над узр. м. Высакагорныя ландшафты, ледавікі, унікальныя геал. аб’екты, альпійская флора і фауна: асакова-злакавыя камяністыя альпійскія лугі, зараснікі рададэндрану; водзяцца воўк, мядзведзь, рысь, серна і інш. млекакормячыя.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЧЫН,

балота нізіннага тыпу ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборах рэк Лань і Цна. Пл. 32,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 18,8 тыс. га. Глыб. торфу да 2 м, сярэдняя 1 м. Часткова асушана: выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць асакова-травяныя чорнаалешнікі.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЛЕ,

балота на ПдУ Любанскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. Пл. 9,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,9 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,9 м. Асушаную ч. выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях месцамі рэдкі лес з хвоі і бярозы, пашырана асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Докшыцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у вадазборы р. Бярэзіна, у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Нізіннага тыпу. Пл. 7,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца пад сенажаць, неасушаная — пад лесам. Пераважаюць бярозавыя, чорнаальховыя, асакова-сфагнавыя асацыяцыі, месцамі яловы лес.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЬСКІ МАСІ́Ў,

балота ў Любанскім р-не Мінскай вобл. і Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. На масіве 3 возеры, найб. Вячэра. Пл. 32,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 20,7 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважае асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ БОР,

балота ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Котра. Нізіннага (93%) і вярховага тыпаў. Пл. 6,3 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5 м, сярэдняя 1,3 м. Амаль на ўсёй пл. ёсць падсцілачны торф і сапрапель. Балота часткова асушана. На неасушанай ч. пераважае разнатраўная асакова-сфагнавая расліннасць, на 2,3 тыс. га хваёвы лес.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА,

на Пн Аляскі, у ЗША. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 150 км. Выш. каля 200 м. Складзена з марскіх алювіяльных адкладаў. Паверхня плоская, слаба расчлянёная далінамі. Характэрны поліганальныя грунты, маразабойнатрэшчынаватая шматгадовая мерзлата, гідралакаліты (узгоркі-пінга). Шматлікія лагунныя і тэрмакарставыя азёры і непраходныя балоты. Клімат субарктычны. Расліннасць мохава-лішайнікавая, па далінах рэк вярбовыя хмызнякі і асакова-разнатраўныя лугі. Радовішчы нафты і прыроднага газу (зал. Прадха). Рэдкія паселішчы эскімосаў.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)