Арыядна (міфал.) 1/492

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымских саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НДА

(Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.Ж.Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА

(Wiener Staatsoper),

буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр. нац. оперы (І.Умлаўфа, В.А.Моцарта, К.Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.

Літ.:

Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІНА Арыядна Барысаўна

(н. 2.3.1927, Мінск),

бел. вучоны-эстэтык, музычны крытык і педагог. Дачка Б.І.Ладыгіна. Д-р філас. н. (1976). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950). Выкладала ў Саратаўскім муз. вучылішчы, Маскоўскай і Казанскай кансерваторыях. З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1963 у Бел. акадэміі музыкі (з 1978 праф.). Даследуе праблемы народнасці мастацтва, пераемнасць культур (пераважна на матэрыяле бел. музыкі), гісторыю бел. муз. т-ра. Выступае як муз.-тэатр. крытык.

Тв.:

Народнасць савецкага мастацтва і беларуская музыка. Мн., 1961;

Искусство и современность. Мн., 1964;

Искусство: Диалектика преемственности. Мн., 1979 (разам з В.В.Грыніным);

О преемственности в искусстве. М., 1982 (з ім жа);

Книга по эстетике для музыкантов. М.;

София, 1983 (у сааўт.);

Искусство в системе духовных ценностей общества. М., 1986 (разам з В.В.Грыніным);

Le caractére populaire de l’art socialiste // Actes du VII​e congrés International d’esthétique. Bucarest, 1977. T. 2.

А.Ф.Рашчупкін.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)