Арыдны клімат, гл. Клімат
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ДНЫ КЛІ́МАТ,
сухі клімат, клімат абласцей з недастатковым атмасферным увільгатненнем і высокімі тэмпературамі паветра. Характарызуецца вялікімі сутачнымі ваганнямі тэмпературы; велічыня магчымага выпарэння значна перавышае гадавую суму ападкаў. У абласцях з арыдным кліматам пераважаюць ландшафты пустыняў і паўпустыняў, актыўна ідзе фізічнае выветрыванне, пашыраны эолавыя формы рэльефу (гл. Арыдны рэльеф).
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ДНЫ РЭЛЬЕ́Ф,
тып рэльефу пустыняў, паўпустыняў, сухіх стэпаў. Фарміруецца пад уплывам арыднага клімату, дзейнасці ветру (дэфляцыя, эолавая акумуляцыя), пустыннага выветрывання, эрозіі часовых вадацёкаў. Для ўзвышаных плато, перадгор’яў характэрны формы арыднай дэнудацыі і эрозіі (педыменты, бедленды і інш.), для нізін і раўнін — розныя тыпы камяністых і пясчаных пустыняў з эолавымі формамі рэльефу (барханы, градавыя пяскі і інш.), засоленымі азёрнымі ўпадзінамі, такырамі.
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ДНАЯ ЗО́НА
(ад лац. aridus сухі),
агульная назва геаграфічных зонаў з нізкім увільгатненнем, дзе земляробства магчыма толькі пры штучным арашэнні (гл. Паўпустынныя зоны і Пустынныя зоны, Арыдны клімат).
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,
папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.
Літ.:
Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.
Л.І.Цягака.
т. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗ Азіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн. км2. У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч. тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд. ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд. ч. Каспійскага м., паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)