БА́ЎЭР (Bauer) Бруна (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),

нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.​Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.

М.​В.​Пешкаў.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́НСТВА,

адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.​Будны, В.​Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СХАЛА́СТЫКА (лац. scholastica ад грэч. scholasticos школьны),

сярэдневяковая філасофія, прадстаўнікі якой імкнуліся да тэарэт. абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. Найб. развіццё мела ў Зах. Еўропе. Схаласты імкнуліся ўмацаваць хрысціянства шляхам навук. абгрунтавання рэліг. светапогляду — сінтэзу асн. ідэй сусв. філасофіі і інтэрпрэтацыі іх зместу паводле канонаў хрысц. дагматыкі. Яны сцвярджалі, што пастулаты веры даступныя розуму і падтрымліваюцца лагічнымі доказамі. У межах С. абмяркоўваліся праблемы рэальнага быцця, суадносін мыслення і рэчаіснасці, агульных паняццяў (універсалій) і іх прыроды анталагічнага і гнасеалагічнага статуса. У аснову С. пакладзены вучэнні ант. мысліцеляў Платона, Арыстоцеля, араб. філосафаў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. У эвалюцыі С. вылучаюць 3 перыяды: ранні, «класічны» і позні.

Ранняя С. (11—12 ст.; П.​Абеляр, Гільём з Шампо, І.​Расцэлін і інш.) развівалася пад уплывам неаплатанізму, у яе межах у т.зв. «спрэчцы пра універсаліі» вылучыліся 3 кірункі: рэалізм, наміналізм, канцэптуалізм. «Класічная» С. (12—13 ст.) знаходзілася пад уплывам філасофіі Арыстоцеля. Развівалася ў сярэдневяковых ун-тах; яе цэнтр — Парыжскі ун-т. У «класічнай» С. вылучыліся «артадаксальны» кірунак, які пры дапамозе анталогіі Арыстоцеля абгрунтоўваў існаванне душы (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) і «ератычны» (авераізм), які адмаўляў асабістую душу і сцвярджаў, што існуе толькі адзіная безасабовая душа. Позняя С. (13—14 ст.; І.​Дунс Скот, У.​Окам і інш.) характарызуецца адыходам ад рацыяналізму ў абгрунтаванні рэліг. светапогляду, валюнтарызмам, крытыкай вучэння Фамы Аквінскага, прызнаннем супярэчнасці паміж рэліг. і рацыянальным пазнаннем (тэорыя дваістасці ісціны). У эпоху Адраджэння С. перажывае крызіс. Новы ўздым С. адбыўся ў часы Контррэфармацыі, гал. чынам у Іспаніі (Ф. дэ Віторыя, Ф.​Суарэс, Г.​Васкес, М.​Маліна і інш.). У эпоху Асветніцтва ідэі С. трацяць свае пазіцыі. Аднаўленне схаластычных традыцый рацыянальнага абгрунтавання рэліг. ісцін з канца 19 ст. звязана з філасофіяй неатамізму.

Літ.:

Время, истина, субстанция: от антич. рациональности к средневековой. М., 1991;

Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Кн. 2. СПб., 1994;

Абеляр П. Теологические трактаты: Пер. с лат. М., 1995;

Неретина С.С. Верующий разум: К истории средневековой философии. Архангельск, 1995;

Коплстон Ф.Ч. История средневековой философии: Пер. с англ. М., 1997;

Антология философии Средних веков и эпохи Возрождения. М., 2001.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДАІ́ЗМ,

рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст. н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст. дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.

У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).

Я.​З.​Басін, Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)