Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.
Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс.т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс.т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).
Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.Да арт.Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,
пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр.ч.Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Вісарыён Вісарыёнавіч) (н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд.геагр.н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах.Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).