Ардынацыя 1/260, 429; 7/116; 9/26

- » - Алыцкая 1/429

- » - Давыд-Гарадоцкая 1/429

- » - Клецкая 1/429; 6/19

- » - Нясвіжская 1/429; 7/555

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі,

метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),

1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.

2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА», «Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского»,

вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,

пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Ардынацыя» 1638 1/429; 11/67

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІЯ (ад грэч. oikonomia загадванне гаспадаркай), сталовы маёнтак,

від дзярж. зямельнага ўладання ў ВКЛ для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Вылучаны з каралеўскіх уладанняў на падставе соймавай канстытуцыі 1589 «Ардынацыя аб каралеўскіх прыбытках Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі з 16 ст. існавалі Берасцейская эканомія, Гродзенская эканомія, Кобрынская эканомія, Магілёўская Э. (гл. ў арт. Магілёўская воласць), у 18 ст. — таксама Віцебская, Пінская і Слонімская Э.; у Літве — Аліцкая і Шавельская Э. Мелі ўласную гасп. адміністрацыю, падзяляліся на губерні, войтаўствы, ключы, лясніцтвы. Кіраваліся надворным (гаспадарскім) падскарбіем ВКЛ, які са згоды сойма мог здаваць частку Э. або яе даходы (з мыта, прапінацыі, пошты і г.д.) у заставу або пажыццёвае трыманне аселай шляхце. Для кантролю за станам Э. праводзіліся люстрацыі, у час якіх складаліся інвентары. Для павелічэння сваіх прыбыткаў каралеўскі двор імкнуўся ператвараць у Э. і інш. дзярж. ўладанні, што неаднойчы забараняў сойм. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. Э. перайшлі ў царскую казну, некаторыя падараваны прыватным асобам.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.

Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.

На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,

буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г. Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял. кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.​Я.​Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.​Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.​К.​Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс. чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з пач. 1690-х г. да 1803 пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры

(цяпер у Польшчы). Створана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні. Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра. Выпусціла больш за 420 выданняў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных выданняў, у т. л. буквары слав. мовы, «Собрание припадков краткое» (1722) на старабел. мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722),

першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зб. «Паследаванне пострыгу»). У 18 ст. выпускала таксама стараверскія выданні. З сярэдзіны 18 ст. пад уплывам ідэі Асветніцтва павялічыўся выхад перакладной навук. і маст. л-ры, арыгінальных твораў мясц. аўтараў. На польскай мове выдадзены «Прыгоды Гулівера» Дж.​Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789), «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Асновы земляробства», «Нясвіжская ардынацыя», «Трактат пра пчол», «Людвіг XVI, забіты сваім народам», «Дыялог бурмістра з войтам» і інш. У 1780—90-я г. выпусціла некалькі кніг на літ. мове. Друкарня мела манапольнае права выпускаць некат. выданні для уніяцкай царквы, што прыносіла значныя даходы. Была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, маст. ўпрыгожанні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі.

Літ.:

Лабынцев Ю.А. В помощь составителям сводного каталога старопечатных изданий кирилловского и глаголического шрифтов: Метод. указ. Вып. 3. Кирилловские издания Супрасльской типографии. М., 1978;

Яго ж. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 15, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)