ГО́ЛЬДЖЫ ((Golgi) Каміла) (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),

італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоідГольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).

К.Гольджы.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),

арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.​Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНАЯ МЕМБРА́НА, цытаплазматычная мембрана, плазматычная мембрана, плазмалема,

мембрана, што аддзяляе цытаплазму клеткі ад навакольнага асяроддзя ці ад абалонкі клеткі (у раслінных клетках); арганоід клеткі. Адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў паміж клеткай і навакольным асяроддзем, пры рухомасці і счапленні клетак паміж сабой. Мае станоўчы зарад звонку, рознасць патэнцыялаў 20—100 мВ, таўшчыня — 7—10 нм (пра будову К.м. гл. ў арт. Біялагічныя мембраны). Паўпранікальная: праз яе свабодна праходзіць вада, скорасць дыфузіі інш. рэчываў прама прапарцыянальная іх растваральнасці ў ліпідах і адваротна прапарцыянальная іх малекулярнай масе. Для высокамалекулярных рэчываў амаль непранікальная (пра перанос праз К.м. гл. ў арт. Транспарт рэчываў). Знутры К.м. знаходзіцца слой скарачальных мікрафіламентаў, які забяспечвае змену яе формы (напр., пінацытоз ці фагацытоз, розныя тыпы міжклетачных кантактаў і інш.). У спецыялізаваных клетак мае дадатковыя функцыі (напр., К.м. нейрона здольная да адваротнай дэпалярызацыі пры правядзенні імпульсу нервовага).

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)