ВО́ЧКА,
1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).
2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.
3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.
т. 4, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат,
Гольджы зона, унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)