АРГА́ЗМ

(ад грэч. orgaō гарэць страсцю),

вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).

У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.

Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.

Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРМІ́Я

(ад а... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у семі сперматазоідаў і клетак сперматагенезу. Пры гэтым у час палавога акта захоўваецца выдзяленне невял. колькасці вадкасці (складаецца з сакрэту прастаты і семявых пузыркоў) і аргазм. Прычыны асперміі — прыроджаная адсутнасць або недаразвіццё семявыносных пратокаў або іх закупорка пры захаванні нармальнай генератыўнай функцыі яечак (абтурацыйная аспермія), а таксама няздольнасць яечак выпрацоўваць сперматазоіды (тэстыкулярная аспермія). Аспермія — адна з прычын мужчынскага бясплоддзя.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРГАЗМІ́Я

(ад ан... + аргазм),

адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)