АРАМЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з семіцкіх моў. У 14—11 ст. да н. э. арамеі сяліліся ў Сірыі і Месапатаміі, адкуль арамейская мова распаўсюдзілася на ўвесь Б. Усход. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 9—8 ст. да н. э. У 7—4 ст. да н. э. арамейская мова — міжнародная мова Б. і Сярэдняга Усходу. На ёй напісаны асобныя часткі Бібліі і Талмуда. Складалася са шматлікіх дыялектаў, у т. л. стараарамейскіх пальмірскага і набатэйскага, мандэйскага (мовы рэліг. кніг мандэйцаў 3—8 ст.), эдэскага, на аснове якога ўзнікла сірыйская, а пазней новасірыйская (асірыйская) мова. Пасля арабскіх заваяванняў паступова выцясняецца арабскай мовай. Некаторыя дыялекты арамейскай мовы ўжываюцца толькі ў асобных рэгіёнах Сірыі, Паўн. Месапатаміі, Ірака і Ірана.

Л.​М.​Ляшчова.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМЕ́І, арамейцы,

качавыя семіцкія плямёны, выхадцы з Аравіі. Упершыню ўпамінаюцца ў сярэдзіне 3-га тыс. да н. э. У 14 ст. да н. э. трапілі ў Сірыйскую пустыню і на сярэдні Еўфрат, на мяжы 12—11 ст. да н. э. засялялі амаль усю Пярэднюю Азію. У асобных месцах (на У ад р. Іардан і інш.) арамеі сталі весці аселае жыццё. Арамейская мова да пач. н. э. стала асн. гутарковай мовай у Пярэдняй Азіі. Патомкі арамеяў — сучасныя асірыйцы.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),

1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.

2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ МО́ВЫ,

мовы міжнац. (міжэтнічных) і міждзярж. зносін. Падзяляюцца на мовы натуральныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца рэальнай, але другаснай у адносінах да іх асн. выкарыстання ў ролі нацыянальнай мовы, і штучныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца першаснай, але не заўсёды рэалізаванай, паколькі не ўсе такія мовы выкарыстоўваюцца ў практыцы міжнар. зносін. Склад М.м. з цягам часу мяняецца. У старажытнасці ў народаў Д. Усходу М.м. была вэньянь (стараж.-кіт. мова), у стараж. дзяржавах Заходняй Азіі ў розныя эпохі выкарыстоўваліся шумерская, акадская і арамейская мовы. Стараж.-грэч. мова стала агульнай мовай эліністычнага свету, лац. мова — разнамоўнай Рым. імперыі; у сярэдневяковай Еўропе абедзве мовы выступалі ў функцыі М.м. У 16—17 ст. найб. пашыраная ў свеце М.м. — партугальская, у 18 ст.франц., у 2-й пал. 19 ст. — англійская. Найб. шырока ўжывальныя М.м., якія маюць статус афіцыйных і рабочых моў ААН (англ., араб., ісп., кіт., рус., франц.), лічацца сусв. мовамі.

Літ.:

Белл Р.Т. Социолингвистика: Цели, методы и пробл: Пер. с англ. М., 1980;

Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;

Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 1996.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)